МАГІЛЁЎСКАЯ ДРУКА́РНЯ, Магілёўская кансісторская друкарня,
Магілёўская прыдворная друкарня. Існавала ў 1774—1844 у Магілёве. Засн. біскупам С.І.Богушам-Сестранцэвічам пры рымска-каталіцкай кансісторыі. Напачатку размяшчалася ў Магілёўскім касцёле кармелітаў, потым у прыгарадным палацы Богуша-Сестранцэвіча ў Пячэрску. У 1776 М.д. атрымала дазвол на выданне кніг на рус. мове, што паклала пачатак кнігадрукаванню грамадзянскім шрыфтам на Беларусі. Паводле ўказа Кацярыны II 1780 друкарня была абавязана публікаваць афіц. матэрыялы, т.ч. яна выконвала функцыі губ. друкарні да адкрыцця ў 1833 Магілёўскай губернскай друкарні. Вядома больш за 60 назваў выданняў М.д., у т.л. 43 на польск., 12 на лац., 8 на рус., па 1 на ням. і франц. мовах. Сярод іх: «Кароткая французская граматыка» (1784, 1796); даведачная л-ра — «Каляндар беларускіх намесніцтваў на 1783» (1782), «Беларускія календары» (1784—95), «Дырэкторыумы» (царк. календары, якія змяшчалі спісы парафій і духавенства Магілёўскай рымска-каталіцкай епархіі за 1807—44); афіц. выданні — «Трактат Вечнага міру і сяброўства» (1792), «Установы для кіравання губерняй» (1774, 1777, 1795); навук. працы — «Аб Заходняй Русі» (1793) і «Аб паходжанні сарматаў і славян» (1810) Богуша-Сестранцэвіча, трактат «Тры кнігі аб паэтычным мастацтве» (1786) Ф.Пракаповіча; маст. творы — трагедыя «Гіцыя ў Таўрыдзе» (1783) Богуша-Сестранцэвіча, яго вершы і прамовы, «Вандроўны турак» (1789, польскі пераклад «Гісторыі Сіндбада-Марахода»).
Літ.:
Мальдзіс А.І. Кнігадрукаванне Беларусі ў XVIII ст. // Книга, библиотечное дело и библиография в Белоруссии. Мн., 1974.
І.А.Пушкін.
т. 9, с. 458
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)